Міністэрства культуры ўдзельнічае ў расейскай «мэнтальнай акупацыі» Беларусі

Нашае абурэньне — гэта натуральная рэакцыя. Абурэньня беларускіх грамадзянаў з нагоды заплянаванага кіно «Беларусьфільму» пра Янку Купалу па-расейску і з расейскімі акторамі, мяркую, зусім не зразумеюць у Міністэрстве культуры Беларусі, якое выступае замоўцам. Бо такая замова, менавіта ў такой форме — лягічны працяг доўгага ланцуга гадоў (ад савецкай Беларусі і пасьля невялікай паўзы — ад прыходу да ўлады Лукашэнкі) культурніцкай палітыкі ў краіне Беларусь. Нашае абурэньне — натуральная рэакцыя нармальных грамадзянаў, якія хочуць жыць у Беларусі беларускай. Іхнае неразуменьне таксама натуральнае, бо ў Міністэрстве культуры працуюць адмыслова падабраныя людзі, якія на працягу ўсёй сваёй кар’еры выконвалі іншае заданьне — далёкае ад працы на беларушчыну (за гэта іх у міністэрства і падабралі). У савецкіх партыйных і кагэбісцкіх школах будучым функцыянэрам мэтадычна, настойліва ўбівалі ў галаву (і, мяркую, працягваюць убіваць сёньня) галоўную аксіёму палітыкі партыі бальшавікоў: усё, што мае ўплыў на масавую сьвядомасьць, мусіць быць пад нашым кантролем.