Парахавая бочка

Выпадак у Бабровічах — гэта сыгнал новай рэальнасьці. Яна не стыхійная, а рукатворная. «Я справедливость ставлю выше любого закона» (А. Лукашэнка). Розьніца ў тым, што закон для ўсіх адзін, а справядлівасьць у кожнага свая. Ёсьць справядлівасьць Лукашэнкі, ягонай сьвіты і аховы і ёсьць справядлівасьць звычайнага чалавека. Суд фактычна не працуе, бо нязьменна ўстае на бок першых. Ёсьць маса прыкладаў, калі міліцыя «мае рацыю» ў самых абсурдных сытуацыях. Рана ці позна гэтая маса мусіла стаць крытычнай. Поўная беспакаранасьць сілавікоў і поўная бяспраўнасьць людзей — гэта заўсёды парахавая бочка пад грамадзтвам. Яно, грамадзтва занадта доўга цярпела свавольства «дзядзяў Сьцёпаў», але ўсякаму цярпеньню калісьці прыходзіць канец. У сацыяльным разрэзе гэта выглядае так. З аднаго боку, жыльлёвыя крэдыты для міліцыі на сорак гадоў пад адзін працэнт гадавых плюс куча бэнэфітаў, зь іншага — прызнаньне маёй знаёмай, якая звольнілася з «органаў», пра тое, што яна ня можа знайсьці сабе працу: «Вы б ведалі, як нас усе ненавідзяць».