![]()
Людзі ўцякаюць з вёскі ў горад, у сталіцу ці ў іншыя дзяржавы. З самай раніцы былая вясковая суседка цётка Ганна патэлефанавала маёй маці, якая шмат гадоў жыве са мною ў гарадской кватэры, і паведаміла сумную навіну. “На тваёй, Захараўна, Зарэчнай вуліцы ў вёсцы будуць бульдозерам зносіць дзве хаты, адну пад нумарам 19, а другую пад нумарам 12. А твая хата, здаецца пад нумарам 21. Гэта – твае былыя суседзі”, -- сказала цётка Ганна. Гэта для маці была навіна, як гром сярод белага дня. Мама паклала трубку, прыйшла ў свой пакой, задумалася і наўзрыд заплакала. – Мама, а чаго ты плачаш? Твая ж хата цэлая, стаіць і ўсміхаецца сонцу і людзям, – кажу ёй. – А як мне не плакаць – гэта ж маё жыццё, я ж 75 гадоў у вёсцы пражыла. А ў гэтых хатах жылі людзі, я пра іх ведаю ўсё: ад дзяцей да праўнукаў, ведаю пра іх няпростыя і складаныя лёсы. І калі прыязджаю ў вёску, хоць хаты пустыя былі, але гляну на іх і ўспамінаю Хведара, Івана, Марылю, Вольку, Лукаша…Мама зноў заплакала. Я глядзеў на яе і спачувальна разумеў, што ў мамы настальгія па маладосці, па той вясёлай, шматлюднай, жывой, таленавітай і шчырай вёсцы, якая была ў 1940-1980-х гадах.