![]()
Расея стварае пагрозу для Беларусі. Аб гэтым Рада БНР заявiла ў сваiм звароце:У гэтыя дні спаўняецца 10 гадоў вайне паміж Расеяй і Грузіяй у 2008 годзе. Рада БНР канстатуе, што вайна сталася вынікам вонкавапалітычнай агрэсіі з боку Расеі, якая ад пачатку 1990-х гадоў аказвала матар’яльную і палітычную падтрымку сэпаратысцкім утварэньням на тэрыторыі Грузіі, выкарыстоўвала свой міратворчы мандат для прыкрыцьця гэтае падтрымкі і нарошчваньня вайсковае сілы ў Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі. Рада БНР падкрэсьлівае, што Расея нясе адказнасьць таксама за падрыхтоўку і беспасярэдняе разьвязваньне баявых дзеяньняў у жніўні 2008 году. Рада БНР падтрымлівае тэрытарыяльную цэласьць Грузіі ў міжнародна прызнаных межах і выказвае сваю салідарнасьць з народам Грузіі, які разам зь беларусамі пакутаваў ад дзесяцігодзьдзяў савецкае акупацыі, а пасьля распаду СССР таксама вымушаны супраціўляцца агрэсіўнаму рэваншызму з боку Расеі. Рада БНР зьвяртае ўвагу, што вайна 2008 году сталася перадвесьнікам вайны ва Ўкраіне, якую пуцінская Расея разьвязала ў 2014 годзе.