«Перамога маленькая, але будзе і вялікая»

Як бацькі першакласнікаў з Баранавіч перамаглі чыноўнікаў. Дзесяць дзетак-першаклашак з Баранавіч будуць навучацца ў гэтым годзе ў класе гімназіі №4 на беларускай мове. Як піша ПЦ «Вясна», пра гэта стала вядома бацькам з адказу баранавіцкага гарвыканкама за подпісам намесніка старшыні А. Гарбуза. - Клас з беларускай мовай навучання будзе адкрыты ў дзяржаўнай установе адукацыі “Гімназія №4 г. Баранавічы” і размешчаны на базе дзяржаўнай установы дашкольнай адукацыі “Яслі-сад №50 г. Баранавічы”, - значыцца ў адказе. Нагадаем, што змаганне саміх бацькоў, сябраў Баранавіцкай арганізацыі таварыства беларускай мовы імя Ф. Скарыны ды праваабаронцаў было няпростым. І пачалося яно яшчэ летам прошлага года. Адбылося нямала сустрэчаў бацькоў з дырэктарам гімназіі № 4, намеснікам старшыні Баранавіцкага гарвыканкама А. Гарбузам, старшынём гарвыканкама Ю. Грамакоўскім ды загадчыкам ГАРАНа Пузікавым. Юрыдычыную дапамогу аказваў праваабаронца Сяргей Гоўша, які рыхтаваў скаргі ў дзяжустановы.