Баранавiцкiя актывісты будуць збіраць подпісы за змену савецкіх назваў у горадзе

Актывісты лiчаць, што імены многіх вуліц горада не адлюстроўваюць гісторыю Баранавіч. Сябры Таварыства беларускай мовы лічаць, што імёны многіх вуліц горада не адлюстроўваюць гісторыю Баранавіч, увекавечваюць памяць «чужынцаў», а не тых, хто жыў і будаваў горад, паведамляе intex-press. by. Актывісты лічаць, што кожная вуліца, кожны завулак, парк павінны насіць назвы, якія б адлюстроўвалі гіторыю горада, яго лёс. А ў назвах многіх баранавіцкіх вуліц няма нічога, звязанага не толькі з гісторыяй горада, але і нават з Беларуссю. – Што «робіць» Роза Люксембург ва Усходнім мікрараёне? А яе зямляк Эрнст Тэльман? – разважае член ТБМ Таццяна Кісель. Актывісты не разумеюць і таго, чаму некаторыя вуліцы да гэтага часу носяць камуністычныя назвы (напрыклад, вуліцы Кірава, Свярдлова, Куйбышава), і услаўляюць такія юбілейныя даты, як 50 год БССР, 50 год УЛКСМ. – І не толькі вуліцы. Два паркі ў горадзе носяць назвы ў гонар гадавін СССР і УЛКСМ. Хіба гэта правільна? – разважае член ТБМ Мікола Падгайскі.