Вольга Мікалайчык: Правакацыі толькі загартоўваюць і далучаюць да пратэсту новых людзей

Шматвектарная абарона Курапатаў працягваецца. Актыўнага супраціву ў Курапатах не спыняе ані выходны дзень, ані знясіленне, ані ціск уладаў. Каля 20-ці чалавек вартавалі рэстаран «Поедем поедим» учора, перадае «Белсат». «Парушанае заканадаўства як з боку чыноўнікаў, гэтак і з боку бізнесоўцаў. Таму рэстарацыя павінна быць зачыненая!», – кажа Ганна Шапуцька, абаронца Курапатаў. Паводле актывісткі, міліцыянты і ахоўнікі комплексу змянілі сваю тактыку. Цяпер яны больш шчыльна кааперуюцца паміж сабою: адныя здымаюць на відэа, як актывісты спыняюць машыны, а другія выклікаюць ДАІ. «То бок не той чалавек, якога спынілі. Той чалавек з’ехаў і не скардзіўся. А вось непасрэдна гэта ахоўнік выклікаў ДАІ. Яны прыехалі і паказалі: ты, ты і ты ідзі з намі, будзем складаць пратакол», – дадае праваабаронца. Установу «Поедем поедим» наведвае вельмі малая колькасць людзей, адзначае Ганна Шапуцька. А вось ціск на актывістаў ідзе з усіх бакоў. За нібыта несанкцыянаваны пікет каля рэстарану пакаранне за кратамі цяпер адбываюць адныя з лідараў пратэсту – Максім Вінярскі і Павел Севярынец.