Кавалер «Крыжа Пагоні»

Як смалянчук прачытаў пра Беларусь у падручніку і пайшоў за яе ваяваць. Беларускі вайсковы дзяяч, пісьменьнік, бібліёграф Аляксандр Ружанцоў нарадзіўся 12 жніўня 1893 года ў Вязьме (Смаленская губерня). Скончыў вяземскую гімназію, у якой упершыню з геаграфічнага падручніку даведаўся пра Беларусь. У 1911 годзе паступіў на гісторыка-філасофскі факультэт Маскоўскага ўніверсітэту, а ў 1914-ым – у Маскоўскую Аляксеяўскую вайсковую школу, піша «Гарадзенская вясна». Удзельнічаў у Першай сусветнай вайне, служыў у IV пяхотным палку. Быў паранены каля Бярэзнікаў (паблізу Сейнаў). У 1918 годзе ў Смаленску мабілізаваны ў Чырвоную Армію, прызначаны камандзірам палку, што вёў баявыя дзеянні ў Беларусі і Літве. У 1919 годзе перайшоў на літоўскі бок, узначаліў ў рангу маёра Першую беларускую роту, што ваявала супраць усіх іншых сіл. За гераізм у баях з чырвоналатышскімі войскамі 26-28 чэрвеня 1919 года 25 жаўнераў роты, у тым ліку Ружанцоў, былі ганараваныя літоўскім ордэнам “Крыж Пагоні”.