Гарадзенскі актывіст стаў на абарону беларускай мовы

Ён змагаецца з навязваннем Гарадзенскай Спецаўтагаспадаркі расейскай мовы. У Гародні Спецыяльная аўтагаспадарка імкнецца дыскрымінаваць грамадзян паводле моўнай прыкметы, навязваючы карыстанне расейскай мовай, перадае «Радыё Рацыя». Жыхар прыватнай забудовы абласнога цэнтра, актывіст Сяргей Верамеенка адмовіўся падпісваць дамову на абслугоўванне па-расейску і патрабаваў заключыць дамову на дзяржаўнай, беларускай мове. Справа дайшла да судовага разбіральніцтва ў Ленінскім судзе Гародні, бо аўтагаспадарка праігнаравала патрабаванне, спрабуючы прымусіць падпісаць дамову па-расейску праз суд. Кажа Сяргей Верамеенка:– На суд падавала Спецаўтагаспадарка. Раней дасылалі мне паведамленні пра тое, што я абавязаны заключыць дамову аб вывазе бытавых адходаў. Я папрасіў даць мне бланк на беларускай мове. Спасылаючыся на Канстытуцыю, на Закон аб мовах, на тое, што ў нас існуе роўнасць моў. На тое, што для мяне дзяржаўная мова – беларуская, гэта мова тытульнай нацыі. На што мне нічога не адказалі.