![]()
Забараняць у нас умеюць, а вось пра людзей думаюць у апошнюю чаргу. У Беларусь усё болей і болей едуць замежныя турысты. Пра гэта сведчаць і афіцыйныя лічбы статыстыкі і візуальныя назіранні ў нашых беларускіх гарадах. Дзяржава ацаніла перавагі прыезду іншаземцаў у нашу краіну і цэлы час спрашчае візавы рэжым, пашыраючы так званы бязвіз на большую колькасць дзён. І гэта правільна, бо закрытасць межаў – гэта ізаляцыянізм і цемрашальства, масты трэба будаваць, а не разбураць. А ў Беларусі сапраўды ёсць што паказаць і што паглядзець. З сэрвісам жа куды горш. Давялося днямі праехацца мне рэйсавым дзяржаўным аўтобусам па некалькіх раённых цэнтрах Гарадзеншчыны. Люблю я вандраваць нашымі дарогамі ў розны спосаб – ад ровара да цягніка. Цікава паглядзець краявіды, убачыць помнікі архітэктуры, нейкія мясцовыя адметнасці, паслухаць тутэйшых людзей. Вёскі і мястэчкі нашы выміраюць, невялікія гарады таксама – дэмаграфічны крызіс кашчаваю рукой спакваля робіць сваю чорную справу.