Віталь Гуркоў: Я заўжды рызыкую

У кар’еры знакамiтага спартоўца – пераломны момант. Шматразовы чэмпіён свету па муай-тай Віталь Гуркоў перастаў радаваць спартовымі поспехамі з мінулага лістапада. Апошняе яго гучнае дасягненне – пояс чэмпіёна свету ў версіі Kunlun Fight (кітайскі прамоўшн, адзін з самых топавых на планеце). Чэмпіянат свету ў Мексіцы Гуркоў прапусціў, нейкіх гучных прафесійных баёў апошнім часам не праводзіў. Што здарылася - спартовец распавёў «Трыбуне». – Я адабраўся на чэмпіянат свету, але не паехаў. Нечакана вылезла траўма, – баец пагаджаецца паказаць праблемную вобласць на торсе. Гэта выглядае страшнавата. – Што за траўма?– Пасля чэмпіянату Беларусі без якой-небудзь на тое прычыны ад грудзей пачало страляць у шыю, плячо, пад лапатку. Спачатку меркавалася, што здарыўся пералом храшча. Але да канца разабрацца не маглі нават свяцілы медыцыны. Рабілася МРТ усяго цела – ад пятак да галавы. Ішла размова пра аперацыю. Увогуле стаяла пытанне, ці змагу я працягваць займацца спортам.