«Жывучы, будзь карысным для другіх, бо інакш няма сэнсу жыць!»

Ігнат Дамейка да канца жыцця заставаўся верным бацькоўскай старонцы. Ігната Дамейку, выгналі з Радзімы, і ён стаў нацыянальным героем Чылі, піша «Новы час». Але да канца жыцця заставаўся верным бацькоўскай старонцы: «Я ніколі натуралізавацца не патраплю і маю надзею на Бога, што ці ў Кардыльерах, ці ў Панарах — памру ліцвінам». Філамат, аграном, паўстанецІгнат Дамейка нарадзіўся 31 ліпеня 1802 года ў маёнтку Мядзвятка каля ракі Уша Наваградскага павета. У сем гадоў страціў бацьку, і таму клопат аб пляменніку ўзялі два дзядзькі — Ігнацій і Юзэф Дамейкі, апошні з якіх быў горным інжынерам, якi скончыў Фрайбургскую горную акадэмію. Юзэф любіў распавядаць пра рамантычныя падарожжы ў пошуках новых адкрыццяў, пра прафесію геолага, якая з дзяцінства захапіла Ігнація. Да таго ж хлопчык цікавіўся прыгодніцкімі раманамі і кніжкамі пра падарожжы. Але яшчэ быў не час, каб ажыццявіць дзіцячыя мары. Спачатку Ігнат вучыўся ў піярскай школе ў Шчучыне, пасля якой у 1816 годзе паступіў у Віленскі ўніверсітэт.