![]()
І тут Лукашэнку ёсць пра што задумацца. У дзяцінстве ўсё было проста, як і ўсе падлеткі мы гулялі ў вайну, і два бакі дзяліліся ролямі напалам – на “нашых” і “немцаў”. Хоць з канца Другой сусветнай вайны прайшло ўжо багата часу, падзел гэты заставаўся доўга нязменным і полюсным. Цяперашнія дзеці ўжо так не дзеляцца, дзякуй Богу, ды і гульні ў іх пераважна іншыя – усялякія кампутарныя пстрыкалкі ды стралялкі, дзе хутчэй супернічаюць не “нашы” і “немцы”, а розныя супергероі з разнастайнымі монстрамі. А мы даўно сталі дарослымі, нібыта разабраліся ў той далёкай вайне, і аднолькава не любім “нашых” і “немцаў”. Любіць іх у нашай, беларускай гісторыі, сапраўды няма за што. Пасля распаду Савецкага саюзу беларусы яшчэ некалькі гадоў па інерцыі называлі ўсе расейскія спартовыя каманды “нашымі”, потым гэтае азначэнне ў дачыненні да суседзяў паступова стала знікаць. Усё ж такі свая суверэнная дзяржава, ды і многія беларускія каманды і спартоўцы годна праявілі сябе на міжнароднай арэне.