![]()
Што хаваецца за маўчаньнем беларускага боку пра новага расейскага пасла? Сытуацыя з прызначэньнем новага амбасадара Расеі ў Беларусі Міхаіла Бабіча становіцца ўсё больш загадкавай. Два тыдні таму расейскія мэдыі паведамілі, што Масква вызначылася з кандыдатурай пасла РФ у Беларусі. Гэта Міхаіл Бабіч. Паводле СМІ, Масква накіравала Менску афіцыйны агрэман. Але на запыт журналістаў беларускі МЗС адказваў, што расейскі афіцыйны запыт на амбасадара тут не атрымлівалі. Ну добра, мусіць, дарога далёкая, пошта дрэнна працуе ці нейкія іншыя тэхнічныя працэдуры ня выкананыя. Прайшло два тыдні. У Расеі кандыдатура новага пасла ў Беларусь была названая афіцыйна, запушчаная працэдура ягонага прызначэньня. 20 ліпеня профільны Камітэт па справах СНД, эўразійскай інтэграцыі і сувязях з суайчыньнікамі Дзярждумы РФ ухваліў кандыдатуру Міхаіла Бабіча на пасаду пасла Расіі ў Беларусі. Звычайна ў дыпляматычнай практыцы працэс афіцыйнага зацьвярджэньня амбасадара і кансультацыі з прымаючым бокам праходзяць адначасова.