![]()
У мяне ў руках апошняя кніга Уладзімера Някляева «На ўсякім сьвеце». І я ў роздуме. Я не належу да крыху маладзейшых, хто мысьліць пра сябе ў стылі «я гений, Игорь Северянин» і нясьцерпна раўнуе да старэйшых літаратараў. Больш за тое: я лічу Уладземіра Някляева сёньня першым нашым паэтам. Ён і самавылучыўся, можна так сказаць, і час яго вылучыў. Адбыўся такі адначасовы зрух наперад. Маё адчуваньне можа не супадаць з адчуваньнямі іншых, але кажу, што думаю. Гэтае маё ўсьведамленьне, што аўтар — майстар, змушае мяне канстатаваць, што я, хутчэй, не скажу нічога новага яму, калі буду зь сябе рабіць крытыка. Таму абіраю больш сьціплую роля: чытача. Мая мэта — паведаміць, як чытач успрымае апавяданьні і прыпавесьці вядомага паэта і празаіка. Аднойчы Ўладзімер Някляеў чытаў у Горадні ўрывак з раману пра Янку Купалу, над якім пачаў тады працаваць. Мяне будучы твор вельмі зацікавіў. Цяпер на сайце «Нашай Нівы» быў надрукаваны новы вялікі ўрывак, раман закончаны, і я чакаю яго выхаду. А пакуль прыцягнула ўвагу кніга «На ўсякім сьвеце».