![]()
Мастак прапанаваў сваю альтэрнатыву імпрэзам у рамках «Славянскага базару». У апошні дзень «Славянскага базару» ў Віцебску мастак Алесь Пушкін прапанаваў сваю альтэрнатыву імпрэзам у рамках музычнага фэстывалю, паведамляе «Радыё Свабода». Выстава праекту Алеся Пушкіна да 100-годзьдзя БНР адкрылася ў арт-прасторы Vzap (Кастрычніцкая вуліца, 2). Алесь Пушкін невыпадкова прывёз свой праект «Вокны Беларускай Народнай Рэспублікі» ў Віцебск. Тут Пушкін жыў і працаваў у 1990-я гады, калі Беларусь стала незалежнай. Мастацкае жыцьцё старых ліштваў«Вокны Беларускай Народнай Рэспублікі» — інсталяцыя з 12 старых ліштваў, якія мастак выкарыстаў у якасьці рамаў для сваіх кампазыцый. Кожная зь іх складаецца з малюнкаў і фатаздымкаў пра тое, як сам аўтар адзначаў угодкі БНР. Ліштвы сабраныя ў родным для мастака мястэчку Бобр Крупскага раёну. «Цяпер усе ставяць плястыкавыя вокны. А ліштвы выкідаюць. На маю просьбу некалькі чалавек прынесьлі мне гэтыя рэчы — вельмі мастацкія рэчы. У разьбе — старадаўняя паганская сымболіка, увасабленьні Вясны, Каханьня, Дабрабыту.