Перамога, якая зрабіла ВКЛ дзяржавай ад мора да мора

У кожным горадзе трэба ставіць помнікі ваярам Грунвальда. Перамога саюзьнікаў пад Грунвальдам спыніла шматвяковую экспансію крыжакоў на славянскія землі. Пра бітву і яе значэньне журналіст Радыё Свабода Вячаслаў Ракіцкі размаўляе з Алегам Трусавым. Грунвальдзкая бітва -- бітва паміж аб’яднанымі войскамі Польскага каралеўства і Вялікага Княства Літоўскага і прафэсійным войскам наймагутнейшай у тагачаснай Эўропе мілітарысцкай дзяржавы Тэўтонскага ордэну. Адбылася 15 ліпеня 1410 году. Перамога саюзьнікаў пад Грунвальдам спыніла шматвяковую экспансію крыжакоў на славянскія землі. У Польшчы і Літве Грунвальд зьяўляецца сымбалем спрадвечнай нацыянальнай вайсковай славы, мужнасьці народаў у адстойваньні свабоды і незалежнасьці. Грунвальд для палякаў і літоўцаў – адзін з найпрыгажэйшых гістарычных мітаў. У Беларусі на дзяржаўным узроўні і ў афіцыйнай навуцы перамога саюзьнікаў пад Грунвальдам замоўчвалася ці аддавалася суседнім народам. І толькі нацыяналісты змагаліся за вяртаньне праўды пра Грунвальд у сьвядомасьць нацыі, выводзілі перамогу ў той бітве на ўзровень міту.