«Робат будзе ў кожнай хаце»

Як беларус стварыў кампанію па вытворчасьці «разумных» робатаў. Тры гады таму 39-гадовы беларус Віктар Хамянок і яго сябра пачалі вывучаць робататэхніку – так пачалася кампанія Rozum Robotics. Тут вераць: неўзабаве робаты зьявяцца ў кожным доме. Пакуль жа яны гуляюць у шашкі ў офісе кампаніі і пачынаюць дапамагаць на беларускіх заводах. Робат-бармэн з маторам ручной працыСкептыкі кажуць, што штучны інтэлект – зусім ня тое, што ўяўлялі ў 80-я, здымаючы кіно пра чалавекападобных робатаў. Але чаму? Такое пытаньне задаў сабе Віктар Хамянок – і сёньня ён заснавальнік і кіраўнік кампаніі Rozum Robotics, якая першая ў Беларусі стала займацца стварэньнем мэханічнай роба-рукі. У самой кампаніі сваю прадукцыю называюць кобат, або калябаратыўны робат. Падобныя апараты зьявіліся ў сьвеце толькі ў 2008 годзе і прызначаныя для бясьпечнай працы побач з чалавекам. Кобат рухаецца павольней за прамысловага робата і заўважае перашкоды падчас руху. Беларускі кобат лёгка навучаецца: маніпулятару дастаткова паказаць патрэбныя пазыцыі ў правільным парадку, націскаючы ў кожнай зь іх кнопку для запамінаньня.