![]()
Галоўны тай-баксёр краіны паказаў родны раён. 12-разовы чэмпіён свету па тайскім боксе і вакаліст панк-гурта Brutto Віталь Гуркоў цяпер жыве ў сваёй кватэры каля станцыі метро «Маладзёжная». Але большую частку свайго жыцця ён правёў на ўсходнім ускрайку сталіцы – у старым і суворым мікрараёне Сцяпянка, куды не ганяе выпіць смузі з мафінам рафінаваная мінская моладзь, і дзе наўрад ці сустрэнеш замежнага вандроўніка. Тут пераважна жывуць адстаўныя вайскоўцы, пенсіянеры, рабочыя, а значную частку краявіду складаюць вежы-шматпавярховікі, прыватны сектар і cумныя, пакоцаныя часам армейскія пабудовы. Гуркоў адправіўся ў Сцяпянку разам з Тарасам Шчырым з by. tribuna. com і правёў падрабязную экскурсію па мясцінах дзяцінства. Да сярэдзіны мінулага стагоддзя Сцяпянка з’яўлялася дробнай кропачкай на мапе. Але неўзабаве населены пункт каля аднаіменнай чыгуначнай станцыі пачаў разрастацца, і з часам ператварыўся ў буйны закрыты ваенны гарадок з аэрадромам, стадыёнамі і Домам афіцэраў.