![]()
Аўтарытарызм — гэта выдатнае асяроддзе для крадзяжоў. Некалькі разоў мне давялося пабыць у Таджыкістане. Якраз там назіраў не толькі цяжкую працу маленькіх дзяцей на зборы «белага золата», далікатныя пальчыкі якіх да крыві ранілі вострыя краі каробачак бавоўны, але і жахлівае відовішча налёту на зялёныя палеткі вялізных хмараў саранчы. Забыць імгненную расправу з расліннасцю, наладжаную ненажэрным шкоднікам, немагчыма. Саранча наводзіла жах на земляробаў здаўна — яшчэ за 3000 гадоў да нашай эры. Яна не дае ім спакою і цяпер. Сёлета плошча распаўсюджання саранчы ў краіне склала 88 тысяч 195 гектараў. Тут стварылі рэгіянальныя штабы па барацьбе са шкоднікам, задзейнічалі тысячу сезонных працаўнікоў і каля 80 трактараў. Згадаць саранчу і пацікавіцца тым, як яе ліквідуюць працавітыя таджыкі, да якіх маю сімпатыю, мяне змусілі мясцовыя падзеі. Рэгулярныя звесткі пра карупцыйныя злачынствы з боку прадстаўнікоў улады і сілавікоў сведчаць, што ў Беларусі пад лозунгам навядзення «жэстачайшай» дысцыпліны і парадку выведзены ўласны від «саранчы», якая ўжо трэцяе дзесяцігоддзе знішчае дзяржаўны бюджэт, аб’ядае ўсе галіны гаспадарання, апусташае кішэні грамадзян.