![]()
У палiтыка i пісьменніка на Акрэсціна забралi рукапіс. Сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі БХД Павел Севярынец накіраваў у Генеральную пракуратуру заяву пра канфіскацыю рукапісу з другой кнігі яго рамана «Беларусалім», паведамляе «Радыё Рацыя». Рукапіс з 11 старонак канфіскавалі ў яго ў ізалятары на Акрэсціна падчас адбывання 10 сутак адміністрацыйнага арышту за абарону Курапатаў. – 11 старонак, якія былі запоўнены зялёнай асадкай, былі забраныя ў мяне падчас адной з праверак. Пасля таго як я напісаў заяву на імя начальніка цэнтра ізаляцыі аб тым, каб мне вярнулі гэты рукапіс, змена на наступны дзень раскідала паперы з маіх асабістых рэчаў па ўсёй камеры, і патапталася па іх. Раман «Беларусалім» з большага быў напісаны ў месцах зняволення, і нідзе – ні ў Валадарцы, ні ў Амерыканцы, ні ў ізалятарах па ўсёй Беларусі, ні ў спецкамедатурах – рукапісы не забіралі. Гэта ўжо нейкая сталіншчына – забіраць у пісьменніка рукапіс. Як адзначае Павел Севярынец, паводле ўсіх нарматыўных дакумантаў, супрацоўнікі ізалятара не могуць канфіскоўваць асабістыя запісы – гэта яго маёмасць.