![]()
Беларушчына значна шырэйшая за граніцы на сёньняшнім гербе. Бераг турэцкі. Пляж пад Аланьяй. Пакуль дзеці дурэюць на сяродземных хвалях, я дастаў кніжку Вінцэся Мудрова «Забойца анёла». Каб пачытаць уголас. Сабе і жонцы. Напэўна, лепшага аўтара для пляжнага чытаньня для тых, каму за 40, няма. Душэўныя пакуты і сэксуальныя прыгоды райвыканкамаўскіх чыноўнікаў і правінцыйных партыйных работнікаў брэжнеўскай эпохі, апісаныя з гумарам і спачуваньнем, на турэцкім беразе чытаюцца асабліва смачна. Адчуваеш сябе «выязным» ды «валютным» шчасьліўчыкам. Бо эпоха тая на няблізкай адсюль радзіме ніяк ня хоча мяняцца. Кніжка чытаецца лёгка. Жонка пэрыядычна сьмяецца. Беларусь зь яе райкамаўска-вагінальнымі жарсьцямі далёка. І раптам з суседняга лежака нейкая белабрыса-фарбаваная кабета перарывае чытаньне. — А вы што? Любіце па-беларускі разгаварываць?Літаратура чароўным чынам ажыла. Гераіня Вінцэся Мудрова ўцялесьнілася. Ад Беларусі не схавацца нідзе. — Можа і не люблю, але разгаварываю, — жартам адказаў я, гатовы працягнуць чытаньне.