![]()
Людзям абрыдла слухаць нахабных хлусаў, нават тых, што займаюць высокія пасады. У аўтакратаў ёсць любімы прыёмчык — у стасунках з журналістамі, калі тыя задаюць вострыя, непрыемныя пытанні, прыкідваюцца, што не ведаюць пра падзеі або палітычнага апанента. Прыкра глядзець, як ссівелыя дзяды дзяцінеюць, перапытваюць пра што і каго ідзе гаворка, хлусяць, гуляюць у прымітыўныя «хованкі». Сёння магчымасці мець звесткі пра кожны факт міжнароднага і мясцовага жыцця, пра любога публічнага чалавека — выключныя, пад рукой ёсць шмат даведнікаў і інтэрнэт. Трэба толькі ўмець адвейваць хлусню ад праўды. Яшчэ больш інфармацыі маюць кіраўнікі краін, якім спецслужбы, вайскоўцы і цывільныя аналітыкі рэгулярна пастаўляюць сакрэтныя дакладныя. У сучасных людзей, якія ведаюць пра дасведчанасць першай дзяржаўнай асобы, што заведзена яшчэ з часоў старажытнасці, хлуслівыя выкрутасы аўтакратаў выклікаюць гідлівасць. Інфармацыйная прастора, узрушаная важнымі падзеямі, бурапеніць, а яны цынічна заяўляюць: «Мне об этом не докладывали!», «Ничего не слышал!», «А кто это такой? Что за деятель?».