Нязломны змагар

Ідэя ёсьць галоўная сіла ў палітыцы. Памёр Ляўко Лук’яненка — легенда ўкраінскага нацыянальнага змаганьня. Ён быў чалавекам ідэі, чалавекам свайго часу. Ідэя ёсьць галоўная сіла ў палітыцы. Без ідэі перамога немагчымая. Ляўко, зразумеўшы праўду, быў здольны адрачыся ад памылак і служыць ісьціне, нават калі змаганьне за яе пагражала сьмерцю. І так тое сталася. За стварэньне антысавецкай арганізацыі і дэклярацыю думак пра вольную Украіну яму прысудзілі ў 1961 годзе сьмяротнае пакараньне. Потым замянілі на 15 гадоў турмы, якія Ляўко адмучыў ад пачатку і да канца. У 1976-м выйшаў на волю, але яго неўзабаве замкнулі зноў. Лепшыя гады жыцьця героя трымалі ў турме. Тут была тактыка расейцаў — добрых людзей, патрыётаў гнаіць за кратамі. Але нічога не зламала яго волі. Я бачыў Ляўка Лук’яненку ў лістападзе 1990 году. Ён разам зь Пятром Пароўскім і Ларысай Скорык прысутнічаў у складзе ўкраінскай дэпутацкай дэлегацыі ад Вярхоўнай Рады на 2-й канфэрэнцыі па арганізацыі Балта-Чарнаморскай супольнасьці, якая была сабрана ў Менску дэпутатамі Апазыцыі БНФ у Вярхоўным Савеце.