Курапацкая варта: чарговыя правакацыі супраць актывістаў

Курапацкая варта працягваецца штодня з 12. 00 да 24. 00. 7 ліпеня варту ў Курапатах арганізоўвала «Еўрапейская Беларусь». Нягледзячы на зняволенне актыўных абаронцаў і сяброў арганізацыі Вольгі Мікалайчык і Максіма Вінярскага, вахта працягваецца. Дзень выдаўся багатым на падзеі: правакацыі супраць абаронцаў узмацняюцца, а ахова рэстарана ўжывае сілу, піша «Новы час». 7 ліпеня ў рэстаран спрабавала праехаць больш за 10 машын. «Еўрапейская Беларусь» прытрымліваецца тактыкі «не пускаць», таму большасці кліентаў, супрацоўнікаў і партнёраў установы давялося заходзіць у яе пешкі, рукамі пераносіць каробкі з грузам. Даволі агрэсіўна паводзіў сябе ахоўнік рэстарана Дзіма-Вадзім, удзень нават адбылася бойка з актывістамі. У працэсе адзін з наведвальнікаў рэстарана выдраў у абаронцаў сцяг і адкінуў убок. Выклікалі ДАІ, якая склала на абаронцаў тры пратаколы. Увечары абаронцаў пабольшала, ахоўнікі спрабавалі ізноў забраць сцягі, ДАІ зноў прыязджала па выкліках, але пратаколаў не складалі.