![]()
У сталіцы ўшанаваныя амаль усе вядомыя кіраўнікі СССР, ваенныя і партыйныя. Супрацоўнікі кампаніі «Яндэкс» у 2014 годзе падлічылі колькі вуліц у беларускіх гарадах. У тройку лідараў па іх колькасці ўвайшлі Мінск, Магілёў і Віцебск. У сталіцы налічваецца каля 1300 вуліц, праспектаў, плошчаў, тупікоў і завулкаў, у Магілёве — каля 900, у Віцебску — 850. Самым кампактным з абласных цэнтраў стаў Гродна — 550 вуліц. Амаль палова назваў беларускіх вуліц (44%) носіць нейтральныя назвы геаграфічнага ці этнаграфічнага зместу. Астатнія звязаныя з «увекавечаннем памяці». У назвах вуліц — падзеі і асобы рэвалюцыйнага і савецкага мінулага, асобы і героі так званай Вялікай Айчыннай вайны, некаторыя дзеячы навукі і культуры Беларусі, але перш за ўсё — Расіі. Заходнееўрапейскіх культурніцкіх і навуковых дзеячаў, якія вызначылі дасягненні сучаснай цывілізацыі, у назвах беларускіх вуліц няма. Наогул, расійскія партыйныя, дзяржаўныя дзеячы, мастакі, паэты, пісьменнікі, навукоўцы, военачальнікі, героі ВАВ ушанаваныя ў назвах вуліц сталіцы значна (у разы) болей, чым іх беларускія калегі.