«Паланэз Агінскага» ў выкананні «Песняроў» сабраў мільен праглядаў на YouTube

Калектыў вырашыў адзначыць гэта афіцыйным відэа на песню. Вакальная версія «Паланэзу Агінскага» ў выкананні беларускага дзяржаўнага ансамбля «Песняры» сабрала мільён праглядаў на YouTube, дзякуючы чаму стала адной з найбольш папулярных версій знакамітага твора на гэтай пляцоўцы. Калектыў вырашыў адзначыць гэта афіцыйным відэа на песню, паведамляе «Радыё Рацыя». Інструментальная кампазіцыя была напісаная Міхалам Клеафасам Агінскім у 1794 годзе ў Залессі пад Маладэчнам. На пачатку 90-х яна разглядалася ў якасці аднаго з варыянтаў гімна Рэспублікі Беларусь. У 2008 годзе «Песняры» зрабілі на яе сваю цалкам вакальную аранжыроўку, дадаўшы тэкст, напісаны Вячаславам Шарапавым. Папулярнасць новай версіі прынеслі канцэртныя выкананні і змешчаныя на YouTube тэлевізійныя відэазапісы, дзе яна выконвалася на розных мовах. Больш за ўсё – звыш 650 тысяч праглядаў – у рускамоўнай версіі кампазіцыі. Каля 280 тысяч праглядаў – у беларускамоўнай версіі. Звыш 100 тысяч – у версіі на польскай.