![]()
Нам усім патрэбна пакаянне, а не вайсковыя парады. Кожная краіна мае такі дзень, калі святкуецца тое, што аб’ядноўвае ўсю нацыю – гэта Дзень Незалежнасці, Дзень Рэспублікі. У нас, ужо каторы год, такім днём ёсць 3 ліпеня. Дата прыўрочаная да дня вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Што там тое і казаць - падзея беспрэцэдэнтная! І нельга аніяк забыцца на яе. Фашызм – гэта трагедыя сусветнага маштабу. Толькі на Беларусі, як лічыцца, падчас вайны загінуў кожны чацвёрты. Жыццё чалавека ёсць абсалютнай каштоўнасцю, а таму і памяць пра тых хто загінуў, павінна быць святой, пiша ксёндз Вячаслаў Барок у «Фэйсбуку». Тым не менш, памяць аб трагедыі Другой сусветнай вайны гэта адна справа, а вось пафасная трактоўка гісторыі і пры гэтым фрагментарычны да яе падыход і беспамяцтва ў адносінах да неменшай трагедыі, крыніцай каторай з’яўляўся камуністычны рэжым з Масквы – гэта ўжо зусім іншая справа. Святкаванне Дня Незалежнасці і атаесамлеванне яго выключна з перамогай над фашызмам, асабіста мяне змушае яшчэ раз пераканацца ў сваіх думках: перамогу здабылі, а стан незалежнасці на жаль, так яшчэ і не асягнулі.