Дзень «незалежнасьці» Франца Кафкі

3 ліпеня мае дачыненьне да чаго заўгодна, але не да суверэнітэту Беларусі. Паслы розных краінаў, запрошаныя пазалетасьць на прыём у беларускія дыпляматычныя місіі з нагоды 25-годзьдзя незалежнасьці, шукалі ў даведніках ды інтэрнэце: якая ж падзея адбылася 3 ліпеня 1991 года?Адказу не было. Раней, 1 ліпеня, у Празе быў падпісаны пратакол аб ліквідацыі Варшаўскай дамовы, пазьней 5 ліпеня, канцлер Нямеччыны Гельмут Коль сказаў Гарбачову, што «важна пазьбягаць дзеяньняў, якая б стваралі на Захадзе адчуваньне, што СССР вось-вось разваліцца на канглямэрат асобных рэспублік». А 3 ліпеня 1991 не адбылося нічога асаблівага — ні ў Беларусі, ні ў сьвеце. Праўда, Вікіпэдыя нагадвае пра тры адметныя падзеі 3 ліпеня ў іншыя гады: у 1655 маскоўскія войскі захапілі і спустошылі Менск, у 1660 войскі Паўла Сапегі вызвалілі Менск ад расейскіх захопнікаў, а ў 1944 войскі Чырвонай Арміі вызвалілі Менск ад нацыстаў. Ніякім чынам гэтыя падзеі з дасягненьнем незалежнасьці краіны ў традыцыйным, клясычным разуменьні, не зьвязанае.