Саша і Сірожа вяртаюцца

Панк-праект вяртаецца ў палітычных коміксах. Мастак-авангардыст Аляксей Хацкевіч праз 10 гадоў вярнуў да жыцьця папулярных герояў пачатку 2000-х — Сашу і Сірожу, паведамляе «Радыё Свабода». Цягам мінулага месяца ён выдаў блізу паўсотні коміксаў на актуальныя тэмы, якія хвалююць вясковых «калдыроў»: як зажыць шчасьліва ў «родным калхозе», хто вінаваты ў правале хакею, ці можна жаніцца падчас «бітвы за ўраджай» і навошта кожны год грымець вайсковым парадам. Панк-праект «Саша і Сірожа» Аляксей Хацкевіч запачаткаваў больш за 30 гадоў таму, яшчэ вучнем старэйшых клясаў. У аснову коміксаў ляглі прыгоды двух братоў зь Ніжніх Юргіляў. На падставе іх ілюстраванага жыцьцяпісу ў 2000-м выйшаў мультфільм «Клей», у якім Сірожу агучыў лідэр гурту «Ляпіс Трубяцкі» Сяргей Міхалок, а Сашу ўвасобіў сам Хацкевіч. На наступны год зьявіўся сэрыял для дарослых «Калыханка», дзе Хацкевіч і Міхалок начапілі вялізныя насы і, не зважаючы на аўтарытэты, абмяркоўвалі гарачыя тэмы дня.