Уладзімір Някляеў: Тое, што адбываецца ў Курапатах - гэта нацыянальная ганьба.

Карумпаваныя чыноўнікі за хабар аддалі зямлю з чалавечымі косткамі жулікам. Аб гэтым паэт i адзiн з лiдараў БНК Уладзімір Някляеў напicаў у «Фэйсбуку»:«Пляцоўку, на якой стаяць абаронцы Курапатаў, пачалі «зачышчаць» адразу пасля таго, як Лукашэнка сказаў, раздаючы пасады высакапастаўленым гэбістам: «КГБ всегда был определенным чистилищем нашего общества». І дадаў: у савецкі час і цяпер. Так. Мільёны «вычищенных». У адных Курапатах чвэрць мільёна. І замест таго, каб у гэтым пакаяцца, папрасіць у Бога і людзей даравання за дзеянні сваіх папярэднікаў, новыя «чистильщики» цягнуць у турэмныя камеры тых, хто па векавых традыцыях народа і па хрысціянскай веры ўшаноўвае памяць бязвінных ахвяраў, спрабуе спыніць вандалізм на могілках, якія ёсць сёння Нацыянальным мемарыялам. Тое, што адбываецца ў Курапатах і вакол іх, гэта нацыянальная ганьба. Карумпаваныя чыноўнікі за хабар аддалі зямлю з чалавечымі косткамі жулікам, якія збудавалі на магілах кабак з бардэлем, і ўлада іх пакрывае, насылаючы на тых, хто супрацьстаіць святатацтву, «чистильщиков».