Барацьба працягваецца

Як трэба змагацца за родную мову, нягледзячы на русіфікацыю. У Расіі ідзе, магчыма, вырашальны раўнд барацьбы малых народаў за захаванне сваіх моваў. Чамусьці лічыцца, што ў топе нелаяльнасці расійскіх рэгіёнаў вядучыя пазіцыі займаюць каўказскія рэспублікі. Між тым, эпіцэнтр фронды супраць метраполіі трэба шукаць у тундры або сібірскай тайзе. Прынамсі ніводная каўказская рэспубліка не дазволіла сабе таго, на што адважылася днямі якуцкае кіраўніцтва. Іл Тумэн — так называецца парламент Рэспублікі Саха (Якуція) — 13 чэрвеня на пленарным пасяджэнні разгледзеў федэральны законапраект пра добраахвотнае вывучэнне родных моў. Нагадаем, што той законапраект з’явіўся па выніках канфлікту ў Татарстане, дзе ў мінулым годзе бацькі рускамоўных вучняў выказалі пратэст супраць прынцыпу абавязковага вывучэння татарскай мовы. Ім супрацьстаяла татарская грамадскасць, якой сімпатызавала фракцыя мясцовай наменклатуры. Кропку ў спрэчцы паставіў асабіста Уладзімір Пуцін. Летам 2017 года ён катэгарычна заявіў пра недапушчальнасць прымусу ў вывучэнні няродных моў.