Беларуска пра свой фільм у Карлавых Варах: Кіно ёсьць, каб паказаць, што перамены магчымыя

На кінафэстывалі ў Карлавых Варах у Чэхіі паказалі фільм «Крышталь» беларускі Дар’і Жук. Першая поўнамэтражная стужка рэжысэркі, якая жыве ў Нью-Ёрку, адкрыла конкурсную сэкцыю «На Ўсход ад Захаду», перадае «Радыё Свабода». Здымкі адбываліся ў Беларусі, у вытворчасьці фільму ўдзельнічалі кінакампаніі зь Беларусі, ЗША, Нямеччыны і Расеі. Летась стужка атрымала узнагароду ў сэкцыі Works in Progress на Талінскім міжнародным кінафэстывалі. Галоўная гераіня фільму Эвэліна (Вэля) жыве ў Менску, але марыць зьехаць у ЗША, каб працаваць дыджэем. Каб атрымаць візу, ёй даводзіцца паехаць у невялікае мястэчка і прасіць дапамогі ў сям’і Сьцяпана, які нядаўна вярнуўся з войска і ў якога празь некалькі дзён мае адбыцца вясельле. У ланцужку падзеяў сьмешнае зьвязана з сумным і часам брутальным. Пасьля паказу Дар’я Жук расказала «Радыё Свабода», як рабіўся фільм, пра свой прыход у кіно і пра дыджэйскае мінулае. — Гэта фільм пра беларускія 90-я. Ідэя сцэнару была мая, і мы доўга абмяркоўвалі са сцэнарысткай, як яно было ў Беларусі, чым гэта было інакшае, напрыклад, ад Украіны, ад Расеі.