![]()
Каторы год людзі абураюцца парадам. Танкі дратуюць асфальт, не прапусьцілі «хуткую» зь мігалкамі, стварылі заторы на вуліцах… Але ж «мы на фронце», — сказаў галоўнакамандуючы. Гэта значыць, усё па-сапраўднаму. Ідзе вайна. Калі браць парад з усімі рэпэтыцыямі, дык цягнецца яна не адзін дзень, а круглы год. Прынамсі, жыхары Ўручча пра гэта ведаюць. Калі праз горад праходзіць фронт, ніхто ня думае пра заторы, «хуткую» і асфальт. Усе думаюць пра паратунак — народ масава эвакуюецца ў Вільню, Польшчу, Львоў на дадатковых цягніках Белчыгункі. Вайна — гэта адзінае, што ўдалося прыдумаць замест так і ня знойдзенай дзяржаўнай ідэалёгіі. Адзінае, што дае магчымасьць трымаць народ у тонусе. Таму парад — гэта не пра камфорт і не пра якую-небудзь радасьць. Гэта нават не пра бразганьне зброяй — усе калі ня ведаюць, дык адчуваюць, што гэтай арміі няма з кім і няма за што ваяваць. Парад — гэта толькі пра вайну. Дзе вайна, там ахвяры і палон. Масавыя захопы то актывістаў, то мытнікаў, то айцішнікаў, то мэдыкаў, каго заўгодна — гэта таксама парад і вайна, тонус, на якім трымаецца ўлада.