Уладзімір Някляеў: Улады хочуць «падсадзіць на кручок» кіраўніцтва прафсаюза РЭП

Адзiн з лідэраў БНК - пра магчымы вырак у «справе прафсаюзаў». Былы палітвязень, экс-кандыдат у прэзідэнты Уладзімір Някляеў распавядае сайту palitviazni. info пра магчымы вырак у “справе прафсаюзаў”, сітуацыю ў краіне і магчымыя новыя палітычныя рэпрэсіі. “Улады хочуць “падсадзіць на кручок” кіраўніцтва незалежнага прафсаюза”, – лічыць палітык. Нагадаем, што “справа прафсаюзаў” ужо перададзена ў суд Савецкага раёна Мінска, і працэс можа пачацца ўжо ў бліжэйшы час. Генадзю Фядынічу і Ігару Комліку пагражае абмежаванне волі на тэрмін да 5 гадоў або пазбаўленне волі на тэрмін ад 3 да 7 гадоў з магчымай канфіскацыяй маёмасці. – Калі казаць пра гэтую крымінальную справу, то трэба разумець, што ўлады хочуць зрабіць з незалежным прафсаюзам РЭП, – кажа Уладзімір Някляеў. – А хочуць яны кіраўніцтва гэтага прафсаюза “падсадзіць на кручок”. Думаю, практычна гэта зробяць так: тэрмін будзе прысуджаны, але ён будзе альбо ўмоўны, альбо з адтэрміноўкай. Праз гэта прафсаюзным лідарам будзе адмоўлена ў выездзе за мяжу, у любы час іх змогуць дзе заўгодна затрымаць, правесці канфіскацыю прафсаюзнай маёмасці і гэдак далей.