![]()
Гэта здольнае зрабіць толькі беларускае грамадства. - Брусэль. Еўрапарламент. У зале паседжанняў новыя павевы…Я шмат чаго чуў пра Беларусь у гэтай зале. Усялякае казалася. Талковае і не надта, а часам абы што. Але заўсёды было ясна, пра што кажуць еўрадэпутаты і еўрачыноўнікі, бо яснай была палітыка, якую праводзіў ЕС у адносінах да беларускага рэжыму. І яснымі былі мэты гэтай палітыкі: дапамагчы беларускаму грамадству выжыць, ператрываць ціск рэжыму, каб урэшце яго перамагчы. Цяпер жа выглядае на тое, што ЕС хоча дапамагчы выжыць рэжыму, які, прыкрываючыся дымавой завесай «дыялогу» з Еўрасаюзам, нястомна ўдасканальвае механізм рэпрэсій у адносінах да грамадства, душыць любые выявы свабоды і дэмакратыі. У новый палітыцы, якую можна назваць палітыкай перацягвання канату, ЕС сыходзіць з таго, што трэба дапамагаць Мінску, каб яго не перацягнула Масква. Вось так проста. Але ў гэтай прастаце ёсць адна складанасць, якую ці не разумеюць, ці не хочуць зразумець сёння ў Брусэлі: рэжым, які існуе выключна праз падтрымку Масквы (што, дарэчы, прызнаў, малюючы пазітыўную карціну эканомікі Беларусі, прадстаўнік сусветнага банку) не здольны абараніць, захаваць Беларусь.