Павага да чалавека павінна стаць дамінуючай

Cтаўка на творчасць у несвабодных грамадствах заканчваецца бясконцай папулісцкай балбатнёй. Прызнана, што руцінная праца паводле каманд і пад пільным вокам «пастухоў з пугамі» не прыносіць добрых вынікаў. Стаўка на масавую творчасць, ініцыятыўнасць і прадпрымальніцтва — гэта правільны кірунак у развіцці грамадства. Але ці спраўджваецца яна ў краінах, дзе няма свабоды?Кіраўнікі аўтарытарнай Расіі ганарацца тым, што ў СССР у «шарашках» (закрытыя ўстановы турэмнага тыпу, дзе вучоныя працавалі пад наглядам органаў дзяржбяспекі. — С. З. ) нараджаліся ўнікальныя навукова-тэхнічныя ідэі, вынаходзілася сакрэтная зброя, распрацоўваліся новыя лятальныя апараты, у тым ліку і для асваення касмічнай прасторы. Настальгія па лагерных парадках уласцівая і многім беларускім начальнікам, якія адкрыта ўслаўляюць сталінскую «жалезную руку». Ніхто з іх не здольны задумацца над тым, наколькі было б лепш, калі б ствараліся ўмовы для сапраўднай свабоднай творчасці ўсіх грамадзян, асабліва тых, у каго маецца вялікі талент або ўнікальныя здольнасці? Толькі разняволены народ можа зрабіць значныя прарывы ў эканоміцы, навуцы і культуры.