Брэжнеў у Менску: «Я хачу дамоў!»

40 гадоў таму Леанід Брэжнеў наведаў Менск і ўручыў беларускай сталіцы залатую зорку гораду-героя. Раніцай 25 чэрвеня 1978 да першай плятформы менскага чыгуначнага вакзалу падышоў незвычайны цягнік — толькі два пасажырскія вагоны. Нязвыкла выглядаў і вакзал: ніякіх пасажыраў з валізкамі, ніякіх сустракаючых-праважаючых, адны міліцыянты ў белай параднай форме і спартовага выгляду хлопцы ў шэрых гарнітурах. Пустой была і плошча перад вакзалам. Затое на плятформе былі ўсе члены бюро ЦК КПБ у поўным складзе на чале зь першым сакратаром Пятром Машэравым, кіраўнікі менскага гаркаму і гарвыканкаму, перадавікі вытворчасьці з зоркамі Герояў сацыялістычнай працы. Апошнія і ўручылі Леаніду Ільічу Брэжневу, як толькі ён выйшаў з вагона, сымбалічны ключ ад горада-героя Менску. Разам з Брэжневым прыбыў і міністар абароны СССР, маршал Савецкага Саюзу Дзьмітрый Усьцінаў. Зрэшты, Брэжнеў і сам нядаўна атрымаў маршальскія пагоны. Брэжнева сустракаюць у Менску. Справа ад яго Машэраў Званьне горада-героя беларускай сталіцы было нададзена яшчэ ў 1974 годзе ўказам, падпісаным тагачасным старшынём Прэзыдыюму Вярхоўнага Савету Мікалаем Падгорным.