![]()
Да 80-годдзя з дня нараджэння. Юрый Хадыка правеў сваё жыццё ў трох іпастасях: як навуковец, як збіральнік Музея старажытнабеларускай культуры і як грамадскі дзеяч. Калі 11 верасня 2016 года Юрый Віктаравіч скончыў свой зямны шлях у Дэнверы (ЗША), багата людзей прыгадвала яго як палітыка, дзеяча БНФ. Але ён быў адзіны ў трох іпастасях — як навуковец, як збіральнік Музея старажытнабеларускай культуры, як грамадскі дзеяч. Ва ўсіх сферах вызначаўся нязломнасцю характару, і, адначасова, здольнасцю да перамоваў з апанентамі. Але найперш упартасцю. Скуль гэта? Пачнем ab ovo. Дзед па бацькоўскай лініі — паўстанец 1863 году. Каб пазбегнуць арышту, мяняў прозвішча (на “Лях”), хаваўся, а сапраўднае імя вярнуў з поўнай амністыяй паўстанцаў у 1913 годзе: “Хадыка”. Сярод бацькоўскіх продкаў — уніяцкі святар. Па кудзелі — расеец. Дзед — “чырвонадрэўшчык”, пры тым кулачны баец з Курску. Бацька па маладосці (1901 г. нар. ) — падмануты бальшавікамі — удзельнік штурму Кранштадту. Потым, зразумеўшы сутнасць падзей, у 1926 годзе хацеў пайсці ў беларускія гісторыкі.