Філолаг і танк: як гродзенскі студэнт выпраўляў гістарычную памылку

Не заўважыць на Савецкай плошчы Гродна 6-метровую стэлу з танкам проста немагчыма. Помнік стаіць на гэтым месцы ад 1968 года і стаў звыклай часткай гарадскога пейзажу. А вось тое, што ў надпіс на стэле пад танкам аднойчы закралася памылка, змог заўважыць толькі адзін чалавек. Гэта беларускі філолаг, на той час студэнт, а зараз выкладчык медуніверсітэта, Віктар Варанец. Здарылася тое ў 1983 годзе. Як гарадскія ўлады рабілі работу над памылкамі, ён распавёў Hrodna. life. «Вы палохаеце мяне, Віктар…»Студзень 1983 года. Заснежаны вечар у Гродне. Вяртаюся з заняткаў ва ўніверсітэце імя Янкі Купалы. Прыпынак сямнаццатага аўтобуса якраз каля танка-помніка. Пакуль чакаю аўтобуса, у які ўжо раз паглядзеў на амаль новенькі будынак драматычнага тэатра, на магазін «Раніца», пры якім ішла чарговая рэгістрацыя жадаючых атрымаць падпіску на ўсё роўна якога аўтара, на пастамент танка-помніка. І раптам выразна адчуў нейкі дыскамфорт. Нешто не тое на гэтым помніку. Але што? І танк такі ж самы, што і раней, і пастамент, і нават прыцярушаны снегам надпіс.