Старыя граблі

Дык у які бок рухаюцца Расія і Беларусь? Падзеі, якія адбываюцца сёння ў растурзаным свеце, змушаюць нават мяне, звычайнага чалавека, аглядацца на мінулае, звярацца з ім. Здзіўляе, што аналітыкай не хочуць займацца тыя, хто вершыць палітыку. Не ведаю—несвядома або свядома, ды яны наступаюць на «старыя граблі». Мілітарысцкая істэрыя, што апанавала не толькі кіраўнікоў Расіі, але і яе грамадства, стала змрочным фактам. Ваенізаваная ўзбуджанасць расіян уплывае на настрой у Беларусі, якая звязана з саюзніцай тысячамі ніцяў, прычым многія з іх засакрэчаныя, бо выпадаюць з прававога поля. На нашай тэрыторыі знаходзяцца расійскія вайскоўцы, арганізацыйную і людскую базу мае агрэсіўны «русский мир», што выявілася на святкаванні Дня Перамогі. Толькі сляпы і глухі чалавек можа не заўважаць нарастання «братання» сілавікоў дзвюх краін у імя «разгрому агульных унутраных і знешніх ворагаў», не прадбачыць, чым можа скончыцца псеўдапатрыятычны ажыятаж. Расія ўжо вядзе як прапагандысцкую і дыпламатычную вайну, так і баявыя дзеянні на тэрыторыі Украіны, у Сірыі.