Нашчадак крыжакаў, літвін, патрыёт: гісторык разбурае міфы пра Тадэвуша Рэйтана

Тадэвуш Рэйтан - нацыянальны герой, моцна павязаны з Беларуссю. Улетку ў былым маёнтку Грушаўка ў Ляхавіцкім раёне адбудзецца чарговы фэст, прысвечаны асобе выбітнага мясцовага ўраджэнца Тадэвуша Рэйтана. З гэтай нагоды генеалагічны партал radawod. by і хрысціянскі інфармацыйны партал krynica. info паразмаўлялі са старшыёй Арт-суполкі імя Тадэвуша Рэйтана, даследчыкам і папулярызатарам памяці аб ім Змітром Юркевічам. — Вы пражываеце ў Мінску, але цікавіцеся асобай Тадэвуша Рэйтана. Шмат мерапрыемстваў праводзіце ў яго на радзіме? У чым прычына такой цікавасці?— Я нарадзіўся ў Мінску, адсюль мая маці, жыў у Баранавічах, адкуль мой бацька. Таму маё жыццё непарыўна звязанае з гэтымі двума гарадамі. Нешта падобнае было і ў Тадэвуша Рэйтана, бо яго маці таксама была з Менску, а бацька з-пад Ляхавічаў, а гэта 20 кіламетраў на поўдзень ад Баранавічаў. Менавіта з тых мясцінаў мае дзяды. Таму я ўспрымаю яго асобу не проста як нацыянальнага героя нашай краіны, але і як чалавека, з якім ў нас адна Малая радзіма.