![]()
Сказаць тым, хто даўно страціў давер: «Сыходзьце!». Падзеі паказваюць, што савецкія наменклатуршчыкі, якія займалі дробныя пасады, а затым на хвалі папулізму і апалітычнасці насельніцтва прарваліся ва ўладу, вызваляць нагрэтыя крэслы не збіраюцца, нацэліліся сядзець бясконца. Толькі воля народаў можа змяніць сітуацыю, вярнуць у жыццё здаровы сэнс. Для постсавецкай прасторы прыклад Арменіі, дзе ў выніку народных пратэстаў скінута «мяккае» дыктатарства, — нетыповы. Марна думаць, што ён стаў навукай «забранзавелым» аўтакратам, якія правяць па чвэрці веку. Яны хоць і напалоханыя, але ліхаманкава будуюць абарону ўлады, ездзяць адзін да аднаго, кансультуюцца, дамаўляюцца, як падавіць пратэсты, імкненне народаў да свабоднага жыцця. На жаль, волю людзей, якія пасля распаду СССР смела выходзілі на плошчы, мелі надзею на дэмакратычныя змены, на будучы палітычны і эканамічны камфорт, моцна паралізавала. Парыў да нармальнага жыцця не завяршыўся пераможным прарывам. Яго задушыў папулізм местачковых «правадыроў», на які павяліся пакрыўджаныя, знясіленыя і галодныя масы.