![]()
Абаронцы Курапатаў вырашылі звярнуцца да прэзідэнтаў, якія плануюць прыехаць на адкрыццё мэмарыялу «Трасцянец». Штодзённа — 12 гадзін. Такі фармат абароны Курапатаў абралі актывісты. Пра гэта паведаміў «Радыё Рацыя» палітык Павел Севярынец. Актывісты вырашылі ладзіць 12-гадзінную варту пад брамай рэстарацыі «Поедем поедим», якая адкрылася ў 50-ці метрах ад Курапатаў. Зараз яны сустракаюць наведвальнікаў каля рэстарацыі і пераконваюць не баляваць у гэтым месцы. – Мы пераходзім на 12-гадзінны фармат – з 12-ці да 24-х. Колькі працуе гэты кабак – столькі і стаяць тут людзі. Але ў буднія дні амаль няма наведнікаў – адзінкавыя людзі прыходзяць на працягу сутак. Банкетная зала на 300 чалавек стаіць практычна пустая. У выходныя мы бачылі некалькі сем’яў, якія туды ішлі, і то мы падазраем, што гэта былі сем’і сваякоў ці сяброў супрацоўнікаў гэтай установы. Таксама актывісты збіраюцца ў Генпракуратуру, Дзяржкантроль і Менгарвыканкам, юрыдычная група пачынае абыход гэтых установаў з адпаведнымі зваротамі.