Хітрая ізаляванасць

«Особый путь» заканчваецца разбуральнай ізаляванасцю і поўнай дэградацыяй. У свой час мяне здзівіла, што заходнія палітыкі пляцоўкай для перамоў па Украіне выбралі Мінск. Усім вядома, што Беларусь знаходзіцца ў палітычнай і эканамічнай звязцы з Расіяй, якая вядзе агрэсію супраць суседзяў, што ў міжнародных пытаннях яна выконвае каманды Крамля. З такім жа поспехам можна было б засядаць і ў Маскве. Прайшоў час, стала бачна, што адна памылка кіраўнікоў еўрапейскіх краін пацягнула за сабою шмат новых. Беларускаму аўтакрату ствараецца імідж «міратворца» і «гасціннага гаспадара». У Мінску, нібыта тут мёдам намазана, праводзіцца безліч сустрэч з удзелам прадстаўнікоў Захаду. Чарговае сведчанне — форум «Мінскі дыялог». Нейкім чынам можна зразумець спартыўных чыноўнікаў, якім усё роўна, дзе арганізоўваюцца спаборніцтвы — у дэмакратычнай або дыктатарскай краіне. Яны непераборлівыя, ім галоўнае, каб была база і грошы. Нічога не зробіш і з пагоняй за папулярнасцю палітыкаў-пенсіянераў, якія для самапіяру гатовы выкарыстаць любую, нават сумніўную трыбуну.