Як беларусы будавалі Ізраіль

Дзяржава Ізраіль была ўтворана 70 гадоў таму, і ўраджэнцам Беларусі было наканавана адыграць у гэтым велізарную ролю. Мы шмат ведаем пра асобаў, якія спрычыніліся да гэтай дзейнасці, але небагата — пра падзеі, якія змусілі іх з’ехаць у Палесціну, піша Юрый Глушакоў для novychas. by. Беларускае гетаДа пачатку ХХ стагоддзя многія гарады і мястэчкі Беларусі ўяўлялі сабой яўрэйскія гета, дзе яўрэі складалі ад 60 да 80 працэнтаў насельніцтва. Звычайна гэта прынята звязваць з сумнавядомай «рысай аселасці», усталяванай у Расійскай імперыі неўзабаве пасля падзелу Рэчы Паспалітай. Але і задоўга да гэтага мноства яўрэяў бегла ў ВКЛ ад пагромаў, напрыклад, у Германіі. У дачыненні да яўрэяў палітычны і сацыяльны прыгнёт дапаўняўся нацыянальнай і рэлігійнай дыскрымінацыяй, таму іх удзел у рэвалюцыйным руху быў вельмі актыўным. Потым у іх асяроддзі з’явіліся настроі на стварэнне і ўласна яўрэйскіх рэвалюцыйных арганізацый. У 1897 годзе быў утвораны Яўрэйскі рабочы саюз у Літве, Польшчы і Расіі, больш вядомы як «Бунд».