![]()
Колькі будзе адкрыты рэстаран, столькі там будуць тыя ці іншыя грамадзкія актывісты. На фота мы бачым, як спадар, які выйшаў з рэстарану, уступае ў бойку з пратэстоўцамі. Матывы гэтага чалавека могуць быць рознымі: напрыклад, непрыязь да «апазыцыі», да «беларускамоўных». А магчыма, яму ўсё роўна: ён проста выконвае просьбу кіраўніцтва. «Мне бяз розьніцы», — сказаў іншы спадар, кіроўца грузавіка, якога спынілі актывісты на ўезьдзе ў забаўляльны комплекс і пачалі распавядаць пра тое, што такое Курапаты і хто там пахаваны. Магчыма, чалавек насамрэч не абыякавы, але ён проста баіцца страціць працу. А магчыма, яму сапраўды няма розьніцы. Як і ўладальнікам установы. Я спрабую ўявіць, як будучыя інвэстары забаўляльнага комплексу, які яшчэ нядаўна насіў назву «БульбашЪ-хол», разважалі перад набыцьцём участку. «Ды там жа Курапаты». — «І што?» — «Дык ахвяры сталінскіх рэпрэсій». — «І што?» — «Дык пратэсты могуць быць». — «Ды колькі там тых пратэстоўцаў».