![]()
Люблю сімвалы і логіку. Напэўна, сярод сінонімаў слова «агмень» будзе дамінаваць «ачаг», хаця, на мой погляд, у дадзеным выпадку правільней згадваць крыніцу, бо называючы свой першы паэтычны зборнік «Агмень» Анатоль Сыс хутчэй за ўсё думаў менавіта пра родную вёску Гарошкаў. Ну а слова «Пегас» знаёма амаль усім, бо крылаты конь ужо шмат стагоддзяў сімвалізуе творчае натхненне. Да таго ж менавіта ён стаў фірмавым знакам ГА «Саюз беларускіх пісьменнікаў» (СБП)Так што з сімваламі і логікай у назве гэтай нататкі ўсё ў парадку. Як і ў назве фэста, які кожны год у вёсцы Гарошкаў Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ладзіць СБП — літаратурны фестываль імя Анатоля Сыса «Агмень». Каб нікога не забыць і гэтым не пакрыўдзіць, не стану пералічваць больш дзясятка выступоўцаў. Адзначу толькі, што дзякуючы выступам гасцей з Польшчы, Яўгену Вапе і Ганне Кандрацюк, якая напярэдадні прэзентавала сваю новую кнігу «Па Прыпяці па Нобель: рэпартаж з краіны балот і бурштыну», дванадцаты фэст «Агмень» набыў статус міжнароднага.