Падабенства і адрозненне

На халяву лепшае жыццё не прыходзіць, за яго трэба змагацца. Падзеі, якія адбываюцца ў Арменіі, хоць іх стараецца замоўчваць або трактаваць на свой капыл беларуская і расійская прапаганда, маюць вялікае выхаваўчае значэнне для постсавецкіх народаў. Асабліва патрэбны гэты палітычны вопыт грамадствам, што трапілі ў пастку аўтарытарызму. Даволі часта сустракаючыся з армянскімі пісьменнікамі, журналістамі, палітолагамі, я стараўся даведацца як мага больш пра мінулае і сучаснае жыццё горнай краіны. Мяне цікавіла ўсё, што на працягу доўгай гісторыі ўплывала на менталітэт шматпакутнага і адначасова гордага, нязломнага народа.