Ваяўнічыя «міратворцы»

Мілітарысцкая нагрузка, якая сёння ўскладаецца на Дзень Перамогі, зневажае яго. Напярэдадні слаўнага свята, якое жыхары Беларусі, у адрозненне ад іншых дат, прыдуманых чыноўнікамі, адзначаюць не па загаду, а паводле поклічу душы і сэрца, думаецца пра многае. Адказу на балючыя пытанні не дае нават філасофская формула: «Смерць у імя жыцця». Найперш да роздуму змушае перакос у разуменні сутнасці, сэнсу і значэння перамогі людзей добрай волі над нямецкім фашызмам. У час святкавання на першы план выступаюць пыха і фанабэрыя, якімі поўняцца прамовы кіраўнікоў краін, бляск ордэнаў і медалёў на мундзірах тых, хто нарадзіўся пасля Другой сусветнай вайны, і адыходзіць у цень народнае ўсведамленне шматахвярнай цаны свабоды.